ЛІТУРГІ́ЧНАЯ ДРА́МА,

сярэдневяковае драм. дзеянне, якое з’яўлялася інтэгральнай часткай кананічнага набажэнства (імшы, ютрані, вячэрні). Пашырана ў 10—13 ст. у краінах Зах. Еўропы. У адрозненне ад драм на рэліг. сюжэты Л.д. поўнасцю спяваліся, у іх не было размоўных эпізодаў, мова ўсіх тэкстаў лацінская. Агульная кампазіцыя традыц. Л.д. — тыповая для сярэдневякоўя «шматковая» тэхніка цэнтону — кантамінацыі, мантажу гатовых, «дадзеных» тэкстаў. Яны ўключалі традыц. рэспансорыі, антыфоны, гімны, секвенцыі, кантыклі, версы, псалмы, даксалогіі, евангеллі, казанні і інш. З традыц. стылістыкай харальных спеваў кантраставалі эпізоды, вытрыманыя ў нар.-песенным або танц. характары.

Першыя Л.д., зафіксаваныя ў рукапісах, — простыя дыялагічныя ўстаўкі ў абавязковы тэкст велікодных набажэнстваў, т.зв. «Дыялогі ля труны» (10 ст.). Іх узнікненне і пашырэнне абумоўлена кульмінацыйнымі перыядамі літургічнага года — Перадвелікодным тыднем і Нараджэннем Хрыстовым. Напачатку ўзніклі кароткія інсцэнізацыі тыпу «Наведвання труны», якія паступова развіліся ў сапр. драмы (пасійныя п’есы з «Carmina burana» і інш.). Аснова сюжэтаў Л.д. — жыціі святых, біблейскія гісторыі, легенды пра Антыхрыста; найб. вядома унікальнае «Дзейства пра Данііла», створанае ў школе г. Бавэ (Францыя, 12 ст.) — сапраўдная разгорнутая «опера» з сольнымі, хар. і ансамблевымі эпізодамі. Ствараліся і перапісваліся ў Францыі, Англіі, Італіі, Іспаніі, Германіі, Швейцарыі і інш. З 14 ст. роля Л.д паступова змяншалася.

Літ.:

Андреев М.Л. Средневековая европейская драма: Происхождение и становление (X—XIII вв.). М., 1989.

Т.У.Ліхач.

т. 9, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)